Авторизация

OpenID
Зарегистрироваться

"Гані быкоў! Вярнецца доля!"

Зянон Пазьняк:
«З усіх ціскаў і зьняваг асобы, на якія прышлося мне наглядзецца за сваё жыцьцё, ці ні найбольшую агіду выклікае хамскі зьдзек цёмных людзей з творчага чалавека, з таленту мастака. Талент — гэта дар Божы, а мастак ёсьць падарунак народу і ўсім людзям; такое трэба цаніць, і нават аберагаць.

Тыя, хто праводзілі антынародную палітыку, генацыд, этнацыд, тыя ў першую чаргу стараліся заткнуць рот (вочы, вушы, душу) людзям таленавітым, творчым і адукаваным, а то і зьнішчыць іх фізычна.

Напісаць гэтыя радкі мяне вымусіла сытуацыя, якая ўзьнікла вакол асобы вядомага музыкі і выканаўцы Сяргея Міхалка. Што здарылася, чаму раптам музычны гурт «Ляпісаў», які буфонна плаваў недзе далёка за абсягам беларускай культуры, апынуўся ў чорным сьпісе антыбеларускага рэжыму, а ягоным кіраўніком зацікавілася рэпрэсіўная пракуратура?

Прычына ляжыць на паверхні. Гурт стаў выходзіць на дарогу сур’ёзнага нацыянальнага мастацтва і за апошні год стварыў шэраг высокакласных твораў, а ягоны кіраўнік Сяргей Міхалок, які раней пацяшаў публіку сваімі анархічна-бурлескнымі маналогамі, выявіў цяпер неардынарныя якасьці асобы і творчага патрыятычнага (беларускага) думаньня. І гэта, відаць, сур’ёзна. І гэта, відаць, зразумелі дарадцы цемры, што сядзяць у Менску.

Пра апошнія творчыя здабыткі гэтай музычнай групы і новы паварот у творчасьці, спадзяюся, нехта напіша. Я не прыхільнік і не аматар такой музыкі (року). Але творчы ўзьлёт не залежыць ад жанру, стылю і накірунку. Ён узьдзейнічае ўнівэрсальна.

Гэтая ўнівэрсальнасьць у мастацтве дасягаецца тады, калі яно ў эстэтычнай форме выяўляе перажываньні чалавечага духу на прыкладзе чалавечага лёсу. І вышэйшай ступені такой формулы адпавядаюць творы, дзе праз лёсы чалавечыя выяўляюцца лёсы народныя.

У творчасьці спадара Міхалка ўжо ёсьць твор, які набліжаецца да такіх азначэньняў. Гэта знакамітая ўжо песьня і кампазыцыя «Грай!».

Сацыяльна-мэтафізычная сутнасьць таго, што адбываецца ў Беларусі, выяўлена мовай мастацтва ёмка, вобразна і дакладна:

Напілісь быкі,
Скачуць па краіне,
Топчуць ручнікі,
Капытамі ў гліне.
Скачуць па дварах,
Адчыняюць хаты.
Хто не пахаваўся —
Будзе вінаваты.

Тут выкарыстана зразумелая беларусу (і клясычная ў літаратуры) народная алегорыя цёмнай разбуральнай сілы ў вобразе чарады агрэсіўных жывёлін. У 50-х гадах мінулага стагодзьдзя такую фабулу і алегорыю ў тэатры дасканала скарыстаў Эжэн Іянэску (яго знакамітая п’еса «Насарог»). У Міхалка — па Айчыне скачуць «шэрыя быкі».

Ім ня трэба сонца,
Цемры ім багата.
Ім вясны ня трэба.
Ім — зімы паболей,
Каб ты, хлопец, спаў быў
На пячы ў няволі.

Па прынцыпах клясычнай эстэтыкі ў гэтым творы гарманічна дапасаваныя ўсе складнікі: вобразная ідэалёгія (зьмест) і сюжэт (тэкст), музыка і аранжыроўка, кампазыцыя, стыль і выкананьне (у тым ліку і гучаньне інструмэнтаў — сінтэзацыя дуды).

Добра ўплывае на ўспрыняцьце моцная аптымістычная энэргетыка сьпяваньня і энэргічны рытм, дзе кульмінацыяй зьяўляецца рэфрэн:

Грай!
Сьпявай дружна
Песьні райскай волі.
Грай! Грай!
Гані быкоў — вярнецца доля!

На гэтым моцным апошнім радку песьня, як бы трохі нечакана, абрываецца, і мэлёдыя заканчваецца доўгай кодай з гучаньнем дуды (відаць, праз сурдзінку). Выдатная акцэнтацыя і завяршэньне.

Спадар Міхалок стварыў твор, які ўвойдзе ў скарбонку беларускай сучаснай музыкі. Тым часам рэальныя (палітычныя) «шэрыя быкі», што топчуць Радзіму, адчулі ягоны беларускі патэнцыял і заблякавалі выступы мастака ў Беларусі, фактычна, выкінулі яго з Айчыны на творчае паміраньне. А ён узьняўся — і засьпяваў беларускім голасам.

Шлях беларускага нацыянальнага мастацтва, на які ступае спадар Міхалок, вядзе да вяршынь і творчага ўзьлёту. Ён (гэты біты шлях) ужо шматкроць адмераны і пройдзены іншымі. Але ток яго не пасыпаны ружамі. Гэта надзвычай цяжкі шлях у нашых умовах. Мастак, магчыма, нават не ўяўляе, якія пачвары — нянавісьць і здрада — вылезуць на яго, калі ён пойдзе па гэтай дарозе.

Ня буду тут выказваць сваіх меркаваньняў. Думаю, яны непатрэбныя, тым больш, што спадар Міхалок добра разумее, што ў змаганьні з «шэрымі быкамі» — усё ёсьць палітыка: і мова, і песьня, і мараль, і адзеньне, і думкі, і словы, і нават простая прыналежнасьць да добрага свайго народу — усё стала палітыкай.

Гэта ня мы — гэта «быкі» так думаюць. Зь імі немагчыма дыскутаваць, бо яны не гавораць, не разумеюць па-чалавечаму.

Нельга даказваць гонару свайго на зборышчы дрэняў. Той, хто ігнараваў гэта, — рабіў фатальную памылку.
Мастацтва — гэта хараство. Але для цемры, што нішчыць сьвятло, — гэта палітыка.

Мастацтва — гэта хараство. Але для цемры, што нішчыць сьвятло, — гэта палітыка. Стаць апалітычным тут ня ўдасца. У такіх абставінах у беларускага мастацтва ёсьць толькі два шляхі. Першы — лёгкі, але нікчэмны: адмовіцца ад роднай мовы, забыцца пра годнасьць, гонар, талент і прызначэньне — сьпяваць «слушай батьку».

Другі шлях — годны, але цяжкі: змагацца, зьберагчы свой талент і пакліканьне, вярнуцца ў пачатак, ушанаваць свой народ, яго мову і праўду, і калі паўстане выбар — лепей стацца выгнаньнікам, чым зрабіцца «насарогам», «быком» і — страціць душу. Творца мусіць застацца творцам і чалавекам сваёй зямлі. «Гані быкоў! Вярнецца доля!».

У гэтым сэнсе спадар Міхалок — татуяваны анархіст, увесь ў наколках, што ўдаваў з сябе блазна, — чалавек зь нялёгкім мінулым, які ўзьняўся, адбіўся ад самага дна, які зьбярог свой розум, талент, сумленьне і гонар, ён якраз аказаўся больш надзейнай і вартай павагі асобай, чым тыя, што былі на Парнасе і — спусьціліся ў стойла «быкоў».

Якраз ён можа стварыць (і ўжо стварае) новы, надзённы, сучасны і змагарны беларускі рок. І гэта справядліва. Палітыка — дык палітыка!

Ва ўсіх беларусаў цяпер адна перашкода — цемра, здрада і нянавісьць у адной асобе, што засела на троне. І жыць так далей, цярпець — стае немагчыма».

Крыніца: Радыё Свабода
  • 23 октября 2011, 14:29
  • yuras
  • Просмотров: 178
загрузка...
 

Комментарии (12)

RSS свернуть / развернуть
+
0
+1
avatar

Pravednik

  • 23 октября 2011, 23:47
+
0
Шчыра ўдзячны, Лёша!«Творца мусіць застацца творцам і чалавекам сваёй зямлі. «Гані быкоў! Вярнецца доля!»…
avatar

yuras

  • 25 октября 2011, 16:22
+
0
+1
avatar

benzin

  • 24 октября 2011, 11:59
+
0
За «новы, надзённы, сучасны і змагарны беларускі рок», Андрэй!
avatar

yuras

  • 25 октября 2011, 16:25
+
+1
ZA LYAPISAY I NEZALEZNUJU RESPUBLIKU MROJU, ZA MIHALKA I VOLSKAGA!!!
avatar

Pravednik

  • 25 октября 2011, 23:07
+
0
А таксама за гонар і годнасьць! Бо «толькі мэту адну не адпрэчу ніколі — каб заўжды была вольнай мая Беларусь!»…
avatar

yuras

  • 26 октября 2011, 12:30
+
0
Мая Беларусь!
avatar

Pravednik

  • 26 октября 2011, 23:05
+
0
За нашу й вашу волю! Жыве Беларусь!!!
avatar

yuras

  • 27 октября 2011, 10:06
+
0
Жыве!
avatar

Pravednik

  • 27 октября 2011, 18:57
+
+1
"… змагацца, зьберагчы свой талент і пакліканьне, вярнуцца ў пачатак, ушанаваць свой народ, яго мову і праўду, і калі паўстане выбар — лепей стацца выгнаньнікам, чым зрабіцца «насарогам», «быком» і — страціць душу. Творца мусіць застацца творцам і чалавекам сваёй зямлі. «Гані быкоў! Вярнецца доля!». Беражыма свае душы, Лёша. Дарэчы, ты заўважыў, як рэзка зьмяншаецца колькасьць плюсоў, калі зьяўляецца хаця б намёк на грамадзянскую пазіцыю?.. З вопыту гадавой прысутнасьці тут магу адзначыць, што большасьць — банальныя баязьліўцы ды аматары «высокай паэзіі» накшталт «сирень — плетень».Але нельга адасобіцца ад жыцьця.Аднойчы схлусіўшы, як потым жыць?..
avatar

yuras

  • 28 октября 2011, 10:32
+
0
+1 за камент
avatar

Pravednik

  • 29 октября 2011, 11:12
+
0
Дзе былі тыя змагары-ляпісы ў 1996 г.? А тут раптам у іх абдзіліся патрыятычныя пачуцці… О, гэта больш падобна на камерсантаў і спекулянтаў, якія скарыстоўваюць на сваю карысць трэнды і моду, а не на сапраўдных творцаў і незалежных мастакоў. К нашага року адна бяда — без палітыкі ён не можа. Як толькі музыкі граюць ПРОСТА рок — ён не вядомы, ён «калькаваны», «неарыгінальны», «аднастайны». А вось калі песня так сабе, але ёсць слова «далоў» і «дастаў» — о, гэта крута… Закалупалі, досыць.
avatar

dzmi3

  • 07 января 2012, 00:06

Только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.